Козловская Т.И. - 80

Працавала заўжды сумленна 

8 сакавіка адзначыць 80-гадовы юбілей ветэран педагагічнай працы, старшыня ветэранскай арганізацыі школы, былая настаўніца рускай мовы і літаратуры ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад – сярэдняя школа” Таццяна Ігнатаўна Казлоўская. Калектыў школы і ветэраны працы віншуюць яе з Міжнародным жаночым днём і юбілеем, жадаюць ёй моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, аптымізму і добрага настрою.

Яе жыццёвая дарога пачалася 8 сакавіка 1936 года ў невялікай вёсцы Закаплічча ў звычайнай сялянскай сям’і. Нялёгкім было яе дзяцінства, якое было апалена вайной. Бацьку ў красавіку 1941 года прызвалі ў Армію. Службу праходзіў у Беластоку, трапляе ў нямецкі палон. У кастрычніку 1941 года памірае ў лагеры для ваеннапалонных “Воля” на тэрыторыі Польшчы. Маці-ўдаве прыйшлося адной гадаваць, адпраўляць у жыццё чацвёра сваіх дзяцей. Таццяна Ігнатаўна з вялікай любоўю ўспамінае сваю дарагую матулю, бо яна для сваіх дзяцей рабіла ўсё, каб яны вучыліся.

У мінулым годзе ўнук Вадзім пабываў на месцы захавання свайго роднага дзядулі ў Польшчы.

У 1954 годзе заканчвае Дабромысленскую сярэднюю школу і паступае ў Мінскі інстытут замежных моў. Правучыцца яна ў ім толькі адзін месяц і пакіне вучобу: у маці не было сродкаў вучыць сваю дарагую дачушку. Вяртаецца назад у родную бацькоўскую хату. Працуе бібліятэкарам. Але мара стаць настаўніцай не згасне ў душы маладой дзяўчыны.

У чэрвені 1956 года па камсамольскай пуцёўцы едзе ў горад Хабараўск. Працуе рабочай на бетонным заводзе. За добрасумленную працу неаднаразова атрымлівала грашовыя прэміі і ўзнагароджвалася граматамі. Маладая і энергічная камсамолка працуе і аначасова вучыцца на вячэрнім аддзяленні Хабараўскага педагагічнага інстытута на філалагічным факультэце, які заканчвае ў 1961 годзе. У гэтым жа годзе вяртаецца на Радзіму дыпламаваным спецыялістам. Пачынаецца яе педагагічная сцяжына, па якой яна сумленна і годна крочыла 35 гадоў.

З 1961 года па 1971 год працуе настаўніцай у Югалінскай школе- інтэрнаце. У 1971 годзе пераходзіць на працу ў Дабромысленскую сярэднюю школу настаўніцай рускай мовы і літаратуры і працуе ў ёй да 1996 года.

У 1962 годзе сустрэне сваю другую палавінку Канстанціна Сямёнавіча Казлоўскага, маладога агранома, які прыехаў пасля заканчэння вучобы на працу ў тагачасны калгас “40 год Кастрычніка”, з якім жывуць у згодзе 53 гады.

Таццяна Ігнатаўна адносілася да той катэгорыі настаўнікаў, якія не проста давалі веды вучням, а аддавалі сябе рабоце цалкам, усё сваё жыццё прысвяцілі любімай прафесіі і сваім вучням. Прыемна расказаць пра чалавека, які ўсёй душой перажываў за любімую справу.

Настаўніца цудоўна і глыбока ведала свой прадмет. Вучням на яе ўроках заўжды было цікава. Заўсёды аб’ектыўна ацэньвала іх веды. Любіла і паважала дзяцей, якія б яны не былі (добрыя ці дрэнныя). Таццяна Ігнатаўна была вельмі строгай, але справядлівай настаўніцай. Многія яе вучні былі пераможцамі і прызёрамі розных творчых конкурсаў, раённай алімпіяды па рускай мове, удзельнікамі абласной. Некаторыя з іх выбралі жыццёвую дарогу сваёй настаўніцы. Яна не толькі вучыла і выхоўвала чужых дзяцей, але і сваіх сына і дачку, якія сталі сумленнымі людзьмі і шчырымі беларусамі. Сын Вадзім працуе начальнікам аддзела ў Міністэрстве спорту і турызму, а дачка Наталля – бухгалтарам у Дабромысленскім лясніцтве. Мае пяцёра ўнукаў і ганарыцца тым, што чацвёра з іх працягваюць справу сваёй дарагой і любімай бабулі.

А якія цудоўныя і цікавыя літаратурныя вечары праводзіла яна разам з вучнямі! Мы, маладыя настаўнікі школы, з вялікім задавальненнем наведвалі літаратурныя гасцёўні, якія арганізоўвала Таццяна Ігнатаўна. Правяла не адно пасяджэнне раённага  метадычнага аб’яднання настаўнікаў рускай мовы і літаратуры ў школе. Вялікі ўклад унесла ў стварэнне гісторыка-краязнаўчага музея школы. Настаўніца шчодра дзялілася сваім метадычным і педагагічным вопытам з сваімі калегамі.

І сёння ўспамінаюцца словы, якія Таццяна Ігнатаўна сказала аднойчы на педагагічным савеце школы:

           - Калі настаўнік не любіць сваю прафесію, і яна для яго не з’яўляецца сэнсам жыцця, то добрым педагогам ён ніколі не стане.

Таму сённяшняе пакаленне настаўнікаў нашай школы ўспрымаюць гэтыя словы паважанай настаўніцы як яе запавет нам. Яна вельмі часта гаварыла аб тым, што прафесію заўжды трэба несці годна, таму сама ўсё жыццё сумленна і годна працавала на ніве асветы.

За сваю працу была ўзнагароджана граматамі райкама партыі, райвыканкама, раённага і абласнога аддзелаў адукацыі.

На працягу свайго жыцця Таццяна Ігнатаўна заўжды займала актыўную жыццёвую пазіцыю, прымала самы актыўны ўдзел у жыцці школы і сельскага Савета. Была сакратаром партыйнай арганізацыі і старшынёй прафкама ў школе, добрасумленна выконвала абавязкі дэпутата сельскага Савета, на працягу многіх гадоў была сакратаром выбарчай камісіі, з’яўлялася старшынёй Савета ветэранаў пры сельскім Савеце.

Аднавяскоўцы, работнікі школы, ветэраны працы з павагай адносяцца да Таццяны Ігнатаўны.

Сцяпан Куніцкі, старшыня прафкама

ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад – сярэдняя школа”

поделиться в: