Чвэрць веку на спартыўным алімпе раёна

30.01.2018

Цёплае зімовае надвор’е сустрэла 27 студзеня ўдзельнікаў традыцыйнага раённага турніру па валейболе. Шматлюдна было ў спартыўнай зале ДУА “Дабромысленскі  дзіцячы сад-сярэдняя школа”. Адбыўся дваццаць пяты юбілейны валейбольны турнір, прысвечаны памяці паэта, кампазітара, артыста Уладзіміра Высоцкага. Удзел у юбілейным турніры прынялі чатыры мацнейшыя каманды раёна. Гэта  каманды Дабромысленскага, Святавольскага сельсаветаў, в/ч 7404 і “Гардэмарыны”. За 25 гадоў у ім удзельнічала 20 каманд з Івацэвіцкага і Баранавіцкага раёнаў.

З вялікім задавальненнем валейбалісты, балельшчыкі і госці знаёміліся са стэндамі, якія былі размешчаны ў фае школы. Прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з гісторыяй турніру, жыццём і творчасцю Уладзіміра Высоцкага. Падрыхтавалі выставу настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы Аляксандр Іванавіч Сплендзер і дырэктар установы Міхаіл Канстанцінавіч Казлоўскі.  Жадаючыя мелі магчымасць паглядзець відэафільм пра яго творчасць.  

На працягу ўсіх 25 гадоў арганізатарам гэтага знакавага спартыўнага свята ў раёне з’яўляецца Аляксандр Іванавіч Сплендзер. Дапамогу ў яго правядзенні аказваюць адміністрацыя, прафсаюзны камітэт, старшыня Дабромысленскага сельскага Савета Мікалай Міхайлавіч Шаўчук.

Ганаровымі гасцямі турніру былі старшыня сельскага Савета, старшыня Івацэвіцкага райкама прафсаюза работнікаў адукацыі  і навукі Васіль Васільевіч Разумейчык, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Генадзь Васільевіч Крот.

Турнір прайшоў па кругавой сістэме.

Пасля першай гульні адбылося ўрачыстае адкрыццё турніру. Права падняць сцяг спартыўнга свята пад музыку Уладзіміра Высоцкага было прадстаўлена пераможцы мінулагодняга турніру – камандзе Дабромысленскага сельскага Савета.

З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся старшыня Дабромысленскага сельскага Савета Мікалай Міхайлавіч Шаўчук, які падзякаваў камандам за тое, што яны рэгулярна ўдзельнічаюць у турніры, паказваючы моладзі прыклад здаровага ладу жыцця. Са словамі ўдзячнасці да гасцей звярнуўся дырэктар школы Міхаіл Канстанцінавіч Казлоўскі, пажадаў ігракам спрвядлівай, удалай і паспяховай гульні.

І на гэты раз не была парушана традыцыя: падчас правядзення турніру валейбалісты, балельшчыкі і госці маглі пачаставацца дабромысленскімі прысмакамі, выпіць салодкай гарбаты на травах, паспрабаваць кандытарскія вырабы, якія былі падрыхтаваны настаўніцай абслуговай працы Наталляй Мікалаеўнай Касянік, работнікамі школьнай сталовай Святланай Скрабец, Таццянай Голуб, Ганнай Ячмянёвай і загадчыкам гаспадаркі  Генадзем  Доптухам.

Да самай апошняй гульні ішла напружаная барацьба. Перамогу атрымала каманда Дабромысленскага сельскага Савета, выйграла тры гульні. Другое месца заняла каманда “Гардэмарыны”. Трэцяе месца дасталося камандзе Святавольскага сельскага Савета.

Паралельна з валейбольным турнірам пяты раз праходзіў турнір па настольным тэнісе, які правёў настаўнік фізічнай культуры і здароўя нашай школы Аляксей Міхайлавіч Суржык. У ім удзельнічала 21 тэнісіст. На гэты раз з вялікім спартыўным азартам побач з дарослымі гулялі і вучні школы. Пераможцам турніру стаў Дзмітрый Кандраценя з вёскі Дабромысль, другое месца заняў Аляксандр Шчурко з вёскі Святая Воля, трэцяе – Андрэй Канановіч з вёскі Краі. Дзмітрый Кандраценя і Аляксандр Шчурко былі ўзнагароджаны памятнымі сувенірамі.

Каманда Дабромысленскага сельскага Савета была ўзнагароджана Дыпломам 1 ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, кубкам і памятнымі медалямі.  Пераходны кубак турніру назаўжды застаўся ў Дабромыслі. Каманды-прызёры “Гардэмарыны” і Святавольскага сельскага Савета атрымалі дыпломы 2 і 3 ступені аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, памятныя медалі. Усім камандам былі ўручаны спартыўныя вымпелы Беларускай федэрацыі валейбола з аўтографам галоўнага трэнера нацыянальнай валейбольнай жаночай каманды РБ Пятра Іванавіча Хілько.

Ігрок каманды-пераможцы, былы вучань нашай школы Віталь Хвясько ад імя галоўнага трэнера нацыянальнай валейбольнай жаночай каманды РБ Пятра Іванавіча Хілько ўручыў капітану валейбольнай каманды дзяўчат нашай школы валейбольны мяч з аўтографам, ад яго імя пажадаў ім поспехаў на спартыўным алімпе. Каманда дзяўчат нашай школы на працягу апошніх пяці гадоў займае першае месца ў першынстве раёна па валейболе, а таксама неаднаразова станавілася прызёрам вобласці ў гэтым відзе спорту.

Выступаючы на закрыцці турніру, старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Васіль Васільевіч Разумейчык павіншаваў усіх прысутных з юбілеем турніру, падзякаваў калектыву школы і асабіста дырэктару Міхаілу Канстанцінавічу Казлоўскаму, настаўніку фізічнай культуры і здароўя Аляксандру Іванавічу Сплендзеру, старшыні прафкама Сцяпану Пятровічу Куніцкаму за высокую арганізацыю спартыўнага свята і ўручыў ім каштоўныя падарункі. Са словамі падзякі да ўсіх прысутных звярнуўся галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Генадзь Васільевіч Крот і ўручыў памятныя сувеніры мацнейшым ігракам у розных намінацыях.

Арганітары і суддзі вызначылі мацнейшых ігракоў у наступных намінацыях: “Лепшы нападаючы” - Вадзім Шаўчук з каманды Дабромысленскага сельскага Савета; “Лепшы блакіруючы” – Юрый Мінчук з каманды “Гардэмарыны”; “Лепшы разыгрываючы” – Аляксандр Шчурко з каманды Святавольскага сельскага Савета; “Лепшы абаронца” – Станіслаў Грышчук з каманды в/ч 7404; “Актыўны балельшчык” – Дар’я Карачун з вёскі Дабромысль; “Каштоўны ігрок турніру” – Вадзім Шаўчук  з каманды Дабромысленскага сельскага Савета.

Дзякуем суддзям Васілю  Бахуру, Валерыю Галавачу, Андрэю Міцкевічу.

Спонсарскую  дапамогу ў правядзенні валейбольнага і настольнага турнуру аказалі раённыя  аддзелы адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Івацэвіцкага райвыканкама, райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, Дабромысленскі сельскі Савет, раённая спартыўна-аздараўленчая ўстанова “Вымпел”, РК ГА “БРСМ”, раённы камітэт прафсаюза работнікаў АПК, ДУВП “Івацэвіцкая ПМС” , прафсаюзная арганізацыя школы, ДП “Брэст – травы” ф-л “Дабромысль”.

25–ы раз прыняў удзел у турніры Васіль Мікалаевіч Бахур, былы капітан каманды УП “Івацэвіцкая ПМК-18”. На гэты раз ён выступаў у якасці суддзі. За адданасць і вернасць турніру, за прапаганду здаровага ладу жыцця сярод моладзі яму быў уручаны каштоўны прыз.

Пакідаючы турнір, капітан каманды Дабромысленскага сельскага Савета Мікалай Хвясько сказаў:

  • Нам заўжды прыемна выступаць у родных сценах. Тут прайшло дзяцінсва і юнацтва ўсіх ігракоў нашай каманды. Ад імя ўсіх валейбалістаў выказваю словы ўдзячнасці яго арганізатарам, асабліва Аляксандру Іванавічу Сплендзеру, нашаму настаўніку фізічнай культуры і здароўя. Турнір займае дастойнае месца сярод спаборніцтваў, што праводзяцца ў раёне. Няхай і далей пішацца яго гісторыя.

 Сцяпан Куніцкі, старшыня прафкама ДУА “Дабромысленскі дзіцячы сад-сярэдняя школа”

поделиться в: