Бацькоўскі сход. ДУА “Яслі-сад №4 горада Івацэвічы”

19.04.2019

 У мэтах рэалізацыі Плана мерапрыемстваў Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па папулярызацыі і пашырэнні сферы выкарыстання беларускай мовы ў жыцці грамадства ў ДУА адбыўся бацькоўскі сход “Арганізацыя адукацыйнага працэсу на беларускай мове”, на якім прыемна было  чуць з вуснаў дзяцей мілагучную беларускую мову праз песні, вершы, прыпеўкі,   загадкі  і казкі.
 Пачаўся бацькоўскі сход з вечара паэзіі “Гучы беларуская мова”, дзе выхаванцы сярэдніх груп расказвалі пацешкі і вершы   на беларускай мове, аўтарамі якіх з’яўляюцца  Н.Гілевіч, В.Вітка, Э.Агняцвет, А. Вольскі і інш.
 Педагогі  пазнаёмілі бацькоў з работай, якая праводзіцца ў садку. Найбольш плённымі зарэкамендавалі сябе тэматычныя тыдні: “Мову родную люблю я”, “Куточкі маёй малой Радзімы”, “Гучы беларуская мова…”,  у час якіх беларуская мова прайшла праз розныя віды дзіцячай дзейнасці. У  рамках тэматычных тыдняў  з уделам бацькоў прайшлі  мерапрыемствы, якія пазнаёмілі дарослых з формамі работы па далучэнню дзяцей да беларускай мовы і культуры з дапамогай гульнёвых метадаў і прыёмаў. Гэта абудзіла ў бацькоў і дзяцей любоў і павагу да сваёй краіны, роднай мовы, традыцый, народнай спадчыны, жаданне фарміраваць усё гэта і ў сваіх дзяцей.
 З мэтай фарміравання ўстойлівай цікавасці да багацця беларускай мовы, фарміравання каштоўнасных адносін да яе педагагічныя работнікі прадставілі бацькам “Панараму педагагічнага вопыту” (метадычныя распрацоўкі па арганізацыі адукацыйнага працэсу на беларускай мове);  папоўнілі развіваючае прадметна-прасторавае асяроддзе дыдактычнымі гульнямі на беларускай мове: “Народная цацка – люстэрка культуры”, “Збяры ўраджай”, “Па слядам сімвалаў”,  прадставілі ноўтбук для дзіцячых рук “Падарожжа з Васільком і Васілінкаю па роднаму краю”; аформілі картатэку моўных гульняў “Давай пагаворым па-беларуску”, “Перакладчыкі”,  картатэку пацешак, забаўлянак, рухавых гульняў.
 На  “Выставе народных промыслаў”, якая ладзілася ў  садку, бацькі і дзеці  любаваліся прыгажосцю вырабаў з гліны і саломы, дрэва і тканіны, здзіўляліся талентам, працавітым і умелым рукам сваіх бацькоў, дзядуль  і бабуль.
 Выхавальнікі дашкольнай адукацыі Фалітарык І.І., Трында А.В., СацішурІ.Р., падрыхтавалі  з выхаванцамі старэйшых груп  драматызацыю беларускіх народных казак    “Зайкава хатка”, “Верабей і мыш”, “Каза Манюка”. 
 Бацькі выхаванцаў з’яўляліся не толькі гледачамі. Яны з задавальненнем   паказалі свае ўменні і веды пра родную мову і свой край ў  слоўнікавых гульнях, такіх як  “Чароўны куфэрак”, “Славутасці майго раёна”, “Прыказкі і прымаўкі роднага краю”.
 Сваёй непаўторнай  эмацыянальнасцю, узнёсласцю, пяшчотаю да роднага слова таты і матулі дапамагаюць нам,  педагагічным работнікам, далучаць  нашых выхаванцаў да беларускай мовы, фарміраваць каштоўнасныя адносіны да яе.  Іх актыўны  ўдзел у мерапрыемствах  яднае нас і дазваляе пераканацца ў тым, што разам мы зможам ушанаваць нашу родную беларускую мову – гэты бясцэнны скарб, які перадалі нам нашы таленавітыя продкі. Мы будзем прадаўжаць вучыць дзяцей  размаўляць на роднай беларускай мове, ганарыцца сваёй мовай, каб захаваць і перадаць яе нашым нашчадкам.
 Дзіця, якое з маленства шануе традыцыі сваіх продкаў, гаворыць па-беларуску, паважае сваіх бацькоў, пранясе такія адносіны праз усё жыццё. І тады новыя пакаленні маленькіх беларусаў будуць размаўляць на роднай мове.
 На бацькоўскім сходзе прысутнічаў інспектар МНС Дыдышка В.А., які слухаючы беларускую  мову на працягу ўсяго мерапрыемства, таксама паведаў бацькам пра бяспеку дзяцей дома і ў грамадскіх месцах на роднай  мове.

//Фотаальбом//

 

А.І.Навумчык
Загадчык ДУА “Яслі-сад №4 горада Івацэвічы

поделиться в: