Мороз В.И. - 95

Юбілей Вікенція Іванавіча Мароза

 28 кастрычніка ўдзельніку Вялікай Айчыннай вайны, выдатніку адукацыі, ветэрану педагагічнай працы ДУА “Даманаўская СШ” Вікенцію Іванавічу Марозу споўнілася 95 гадоў. Павіншаваць юбіляра прыйшлі і прыехалі шматлікія госці. Сярод іх і намеснік начальніка па адукацыі Івацэвіцкага райвыканкама Патоцкая С.М., старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Разумейчык В.В., старшыня раённага савета ветеранаў педагагічнай працы Барысік Л.У.
 Нарадзіўся Вікенцій Іванавіч ў вёсцы Цякалаўшчына каля Нясвіжа. Вучыўся ў польскай школе і скончыў сем класаў. Калі ў 1939 годзе прышлі Саветы, скончыў яшчэ два класы. Затым пачалася вайна. У верасні 1943 года Вікенцій стаў навучэнцам Нясвіжскай гімназіі. У ліпені 1944 года Нясвіжскі раён вызвалілі ад нямецка-фашыстскіх захопнікаў і Вікенція Мароза прызвалі ў дзеючую Чырвоную Армію. А паколькі юнак ведаў польскую мову, то аказаўся ў польскім войску артылерыстам. Служба ў польскай арміі працягнулася да лютага 1947 года.
 У 23 гады вярнуўся на радзіму. Паступіў ў Нясвіжскае педагагічнае вучылішча і ў 1948 годе атрымаў дыплом настаўніка пачатковых класаў. Сваю настаўніцкую працу Вікенцій Іванавіч пачаў у пачатковай школе вёскі Скураты нашага раёна. У гэты час сюды прыехала працаваць будучая жонка Дзіна Міцкевіч, ураджэнка вёскі Мікалаеўшчына Якуба Коласа. Тут маладыя педагогі  ажаніліся, а праз год сталі працаваць настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры ў Косаўскай сярэдняй школе і паступілі завочна на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
 Пасля двух гадоў працы ў Косаўскай школе Вікеція Іванавіча прызначылі завучам мясцовага дзіцячага дома, а потым і дырэктарам. Дзесяць гадоў працавала сямейная пара ў гэтай школе. Жылі на кватэры. Тут нарадзіліся тры сыны.
 У 1961 годзе мнагадзетная сям’я Марозаў пераехала ў вёску Даманава. Вікенцій Іванавіч працаваў завучам ў мясцовай школе, а Дзіна Канстанцінаўна – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Праз тры гады нарадзіўся чацвёрты сын. А яшчэ праз чатыры гады сям’я настаўнікаў атрымала трохпакаёвую кватэру, дзе жыве і цяпер.
 Як педагогі, Марозы былі на высокіх прыступках. Вікенцій Іванавіч аддаў педагагічнай працы паўвека, стаў выдатнікам народнай асветы, атрымаў Ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР і ЦК прафсаюза. Увесь працоўны час займаўся прафсаюзнай дзейнасцю. Быў старшынёй прафсаюзнага камітэта работнікаў адукацыі і навукі у Косаўскай, Даманаўскай СШ, Косаўскім дзіцячым доме, старшынёй Івацэвіцкага раённага савета ветэранаў педагагічнай працы. А яшчэ Вікенцій Іванавіч пазаштатны карэспандэнт раённай газеты “Кастрычнік”, а потым “Івацэвіцкі веснік”. Адзін з аўтараў кнігі “Памяць. Івацэвіцкі раён”.
 Незабыўныя сустрэчы адбыліся ў жыцці Вікенція Іванавіча з таленавітымі і знакамітымі людзьмі нанай радзімы. У 1954 годзе на IV з’ездзе пісьменнікаў з Якубам Коласам, пісьменнікамі  Піліпам Пестраком і Рыгорам Няхаем у Косаве, Іванам Навуменкам у БДУ, Іванам Шамякіным, Максімам Танкам і Барысам Сачанкам у Мінску, з Васілём Быкавым на з’ездзе беларусаў свету ў 1982 годзе.
 А зусім нядаўна адбылася прэзентацыя кнігі Вікенція Іванавіча “Перажытае – незабытае”. Гэта кніга ўспамінаў ветэрана, якая напісана у дакументальным фармаце і якую падрыхтаваў да выдання і напісаў прадмову сын аўтара, паэт, празаік, пыбліцыст, кінарэжысёр Уладзімір Вікенцьевіч Мароз.
 Усе госці жадалі юбіляру моцнага здароўя і зноў сустрэцца у гэтай школьнай зале на стогадовы юбілей.

      Старшыня прафкама ДУА “Даманаўская СШ” Давыдзік В.В.